Выбары ў Беларусі 2015

Як падмяняюць бюлетэні ў датэрміновым галасаванні. Эксперымент актывістаў з Берасця


Падчас падліку галасоў на выбарчым участку

Звычайны белы аркуш стаўся канкрэтным доказам таго, што галасы ў Берасці фальсіфікавалі.

Пра тое, як былі выкрыты грубыя парушэнні падчас выбараў прэзідэнта Беларусі «Белсату» распавёў берасцейскі каардынатар руху За свабоду Дзяніс Турчаняк.

Мы рэалізавалі схему, якая дазваляе даведацца ўскрывалася альбо не скрыня для датэрміновага галасавання. Усё вельмі проста і гэта працуе! Гэта спрацавала і на ўчастку №60 на якім я спачатку галасаваў, а потым быў назіральнікам. Я прагаласаваў датэрмінова, бюлетэнь забраў з сабой, а ў скрыню для галасавання ўкінуў звычайны аркуш паперы. Заўважу, што не толькі я адзін зрабіў тое ж самае, толькі на ўчастку 60 падобнае зрабіла яшчэ некалькі чалавек, якія аддалі мне свае бюлетэні, а ў скрыню апусцілі аркуш паперы. У выніку ў мяне на руках знаходзіцца 4 бюлетэні, якія мне аддалі мае знаёмыя. Але 11 кастрычніка падчас падліку галасоў і раскрыцця ўрны для датэрміновага галасавання была ўстаноўлена адсутнасць толькі аднаго бюлетэню, а на самай справе іх павінна бракаваць чатыры. Да таго ж у скрыні не было і чатырох лістоў паперы, хоць яны павінны былі там знаходзіцца. Гэта сведчыць толькі аб адным – хтосьці памяняў паперу на бюлетэні і аддаў голас за кагосьці з кандыдатаў. Лічу гэта падлогам дакументаў па выбарах, адказнасць за гэта прадугледжваецца 192 артыкулам крымінальнага кодэксу.

Дзяніс Турчаняк 12 кастрычніка напісаў заяву ў пракуратуру Берасця, у якой просіць правесці праверку і распачаць крымінальную справу па артыкуле 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па факце падлога выбарчых бюлетэняў і заведама няправільнаму падліку галасоў на выбарчым участку № 60 Маскоўскага раёну Берасця.

Падобныя факты мелі месца і на 53 выбарчым участку Маскоўскага раёна Берасця, дзе галасаваў актывіст «Руха за свабоду» Сяргей Вакуленка. На руках у яго апынулася два бюлетэня, а замест іх у скрыню былі пакладзены чыстыя аркушы паперы.

Падчас раскрыцця ўрны для датэрміновага галасавання ў ёй не аказалася лістоў паперы, якія былі кінутыя намі замест бюлетэняў, што з’яўляецца сведчаннем несанкцыянаванага доступу да змесціва скрыні, – распавёў Сяргей Вакуленка – Лісты паперы дасталі са скрыні неўсталяваная асоба і замяніла на фальшывыя бюлетэні. Я лічу, што скрыня датэрміновага галасавання незаконна адчынялася падчас датэрміновага галасавання і была паўторна апячатаная, альбо зламыснік атрымаў доступ да змесціва скрыні шляхам дэмантажу адной са сценак скрыні, а затым ўстаноўлена на месца, што магчыма выканаць не пашкоджваючы пячатку. Як мінімум 2 бюлетэня былі кінутыя ў скрыню неўсталяванай асобай незаконна і з’яўляюцца падробленымі, у той час, як сапраўдныя знаходзяцца ў мяне. Такім чынам падрабілі як мінімум два выбарчыя бюлетэні, то бок дакументаў па выбарах, за што прадугледжана крымінальная адказнасць паводле арт.192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Вакуленка таксама падаў скаргу ў пракуратуру.

ВП, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ