Выбары ў Беларусі 2015

Як адчуваюць сябе ў Беларусі перасяленцы з Украіны

video

«Белсат» пагаварыў з украінцамі, якія ад вайны ўцяклі ў Беларусь.

На фоне еўрапейскага крызісу ўцекачоў, лічбы ад беларускіх міграцыйных службаў выглядаюць даволі сціпла. Цягам гэтага года прытулку ў нашай краіне папрасілі толькі 793 асобы. Больш за дзве траціны (76,7 %) з іх складаюць украінцы, якіх канфлікт на Данбасе змусіў шукаць больш бяспечнага месца для жыцця.

«Мы проста хочам спакою, каб быў мір, цішыня, таму што ў тым, што зараз, жыць проста немагчыма. Калі шчыра, для мяне героі – тыя, хто засталіся там і жывуць», – кажа Ганна Лагвіненка, жыхарка Кіраўску, што ў Луганскай вобласці.

Ганна пераехала ў вёску Жгунь на Гомельшчыне разам з дзіцём. Як большасць украінцаў, што сёлета з розных прычынаў апынуліся ў Беларусі, – а гэта каля 52 тыс.асобаў, – яна не мае статусу ўцякачкі, бо афіцыйна ва Украіне няма вайны. Уладкавацца ў Беларусі жанчыне дапамагалі сваякі.

«Асабліва такіх адрозненняў я не бачу, ды я ж гавару: цэны былі ніжэйшыя. Нашыя заробкі і нашыя цэны – і нам жылося лепей», – працягвае Ганна Лагвіненка.

Вялікая колькасць мігрантаў з Украіны прыпадае менавіта на Гомельшчыну – сёлета гэта больш за 8 тыс. чалавек. Святлана і Пётр Дзідэнкі з Марыупалю цягам года сваім часовым домам называлі вёску Карма, што ў Акцябрскім раёне.

«Ну вельмі прыемныя ўражанні засталіся, пазітыўныя. Адзінае, што не спадабалася – закон, што нельга на машыне раз у 8 дзён перасякаць мяжу. Неяк незразумела», – кажа Пётр Дзідэнка.

Адкрыццём для перасяленцаў стала і расейскае тэлебачанне, якое, паводле словаў Святланы, ва Украіне не транслююць. Да інфармацыі з афіцыйных тэлеканалаў – і не толькі расейскіх – жанчына, што адчула нягоды данбаскага канфлікту на сабе, ставіцца з асцярогай:

«Праўда? Дзе яе знайсці? Вельмі цяжка, таму што, мне падаецца, 50 адсоткаў праўды і 50 адсоткаў хлусні хоць на ўкраінскім тэлебачанні, хоць на расейскім».

На момант выхаду гэтага матэрыялу Пётр і Святлана ўжо вярнуліся ў Марыупаль, бо сітуацыя ў горадзе стабілізавалася. Зрэшты, якія б умовы ні стварала краіна міграцыі, мараю змушаных перасяленцаў застаецца вяртанне дадому, дзе няма вайны.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ