Выбары ў Беларусі 2015

Выбарчыя праграмы: Улаховіч – за мір на зямлі, Гайдукевіч – за беларускую мову, Караткевіч «падымае» заводы


collage

«Белсат» спраўдзіў, ці ведаюць у штабах кандыдатаў, з якой праграмай тыя ідуць на выбары?

Улаховіч вывучыў толькі слоган

ulahowicz0

Калі мы датэлефанаваліся да кіраўніка грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва» Мікалая Улаховіча, ён якраз збіраўся ў адпачынак. Пытаемся, ці не пазнаёміць нас з асноўнымі пунктамі праграмы.

– Ну лозунг вядомы: мір, спакой, справядлівасць, парадак у краіне…

– Дык а што будзе вашую праграму адрозніваць ад праграмаў іншых кандыдатаў? Можа нейкія разынкі ёсць?

– Ну ёсць, канешне. Пакуль што я не гатовы адказаць. Вось слоган я асноўны сказаў, на гэтым і будзе будавацца праграма. Менавіта за такое паняцце – за спакой і парадак на зямлі. На нашай перадусім, канешне. Але хацелася б, каб і на ўсёй было так.

Больш ніякіх падрабязнасцяў з галоўнага атамана выціснуць не ўдалося.

Гайдукевіч абяцае абараняць суверэнітэт «любымі спосабамі», а пасля выбараў – піць ліманад

gajddukewicz-malodsz

У выбарчым штабе старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча нам параілі звярнуцца да ягонага сына Алега, ён там кіраўнік. Адчуваецца, што да размовы падрыхтаваны. Сёлетняя праграма бацькі называецца «За моцную Беларусь!» і з’явіцца ў дзвюх моўных версіях. А слоган такі: «Парадак у краіне, дабрабыт у доме». Штосьці знаёмае, падумалі мы. Дакладна з такім вечны кандыдат Сяргей Гайдукевіч хадзіў на выбары і ў 2001-м і ў 2006 годзе. Што ж у самой праграме?

«Мы хочам замацавацца на правацэнтрысцкім полі нашай палітычнай сістэмы, – паведамляе нам Алег Гайдукевіч. – Таму першы пункт – абарона суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прычым у шырокім сэнсе слова – і палітычна, і эканамічна. Напрыклад, мы лічым, што ва ўсіх саюзах, у тым ліку і з Расеяй мы павінны больш адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Нашыя чыноўнікі слаба іх адстойваюць, – дазваляе сабе крытыку Алег Гайдукевіч. – Далей эканамічныя рэформы, разумныя. У першую чаргу, звязаныя з развіццём сярэдняга, малога ды іншых відаў бізнесу. І ў першую чаргу, нацыянальнага бізнесу. Адзін з пунктаў: перадаць у арэнду бясплатна на тры гады прадпрымальнікам усе памяшканні ў краіне, якія пустуюць. Спрасціць правяранні, падатковую нагрузку».

У палітычным плане штаб Гайдукевіча прапаноўвае сябраваць з усімі: «Мы выступаем за зняцце ўсіх санкцыяў пасля выбараў, каб Беларусь інтэгравалася ў Еўропу, будавала адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі і пры гэтым заставалася хаўруснікам Расейскай Федэрацыі».

І тут ужо не зусім чаканы працяг: «Будзем падтрымліваць развіццё беларускай мовы. І самае галоўнае, што хачу для «Белсату» сказаць: не трэба думаць, што Гайдукевіч будзе падгульваць уладзе. Не будзе гэтага. Мы лічым сябе апазіцыяй, таму будзем гаварыць, крытыкаваць і ўпэўнены, што нашая перадвыбарчая кампанія будзе вельмі магутнай. Рыхтуемся да пікетаў, рыхтуемся да выступаў».

А як у кантэксце сяброўства з Захадам ставіцеся да расейскіх авіябазаў на тэрыторыі Беларусі?

– Што датычыць расейскай авіябазы, мы лічым, што супраца ў вайсковай сферы з Расейскай Федэрацыяй выгоднае Беларусі, але пры гэтым трэба развіваць вайсковую супрацу і з краінамі Еўрапейскага Звязу. Мы павінны прытрымлівацца нейтралітэту. Але сама база нас не пужае. У нас агульная СПА (супрацьпаветраная абарона – рэд.) цягам многіх гадоў, проста шмат якія неспецыялісты гэтую праблему вельмі моцна нагнятаюць. Там тры самалёты будуць стаяць – нічога страшнага ў гэтым няма. Трэба глядзець з увагі на нацыянальныя інтарэсы: калі нам выгадна, у тым ліку і эканамічна, наяўнасць гэтай базы, нічога кепскага тут няма. Але паступацца суверэнітэтам мы ніколі не будзем. І калі пытанне паўстане: не важна, з боку Расеі ці нейкай іншай краіны… гэта пазіцыя нашага кандыдата і нашай партыі, нас ніколі не трэба называць прарасейскімі – не былі мы ніколі прарасейскімі! І не будзем! Як толькі ўзнікнуць пытанні з суверэнітэтам краіны, мы першыя, хто выйдзе і будзе абараняць суверэнітэт як заўгодна, любымі спосабамі!

Пасля такіх заяваў мы пацікавіліся, ці ў выпадку нязгоды з вынікамі выбараў Гайдукевіч выйдзе на Плошчу. «Толькі святочны мітынг можа быць пасля заканчэння галасавання, – паведаміў ягоны сын. – Радасць, усмешкі на тварах. Выпіць ліманад, адзначыць. Мы яшчэ абвесцім, што будзе пасля выбараў. Адназначна будзем святкаваць».

Караткевіч будзе рабіць беларусаў больш беларускімі

dzmitryeu-

У штабе актывісткі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» і прадстаўніцы кааліцыі «Народны рэферэндум» Таццяны Караткевіч на паведамілі, што ейная праграма заснаваная на пытаннях «Народнага рэферэндума» і скіраваная на тое, каб вывесці краіну з крызісу. Таму асноўная частка будзе датычыць эканомікі: што рабіць, каб аднавіць прамысловасць і разняволіць бізнес. Далей – вялікі блок сацыяльнай абароны. «Мы лічым, што дзяржава павінна абараняць людзей» – удакладніў кіраўнік штабу Андрэй Дзмітрыеў.

У міжнародным накірунку – канцэпцыя адказнага суседства: «Мы бачым Беларусь нейтральнай краінай, у якой няма замежных вайсковых базаў. Таксама мы лічым, што Беларусь павінна перагледзець усе міжнародныя дамовы і саюзы, у якіх мы цяпер знаходзімся, і вырашыць, ці яны сапраўды адпавядаюць нашым нацыяльнальным інтарэсам. Трэба будаваць незалежную еўрапейскую краіну. Але незалежным можна быць толькі тады, калі ты эканамічна паспяховы і не ёсць мішэнню для іншых краінаў».

Будзе ў Караткевіч і асобны блок, прысвечаны развіццю беларускай культуры, мовы і «ўсяго, што будзе адукоўваць беларусаў, рабіць іх больш беларусамі».

– А Гайдукевіч вось заяўляе, што бясплатна аддасць прадпрымальнікам на тры гады арэндныя плошчы. У вас ёсць нейкія падобныя разынкі?

– Мы прапануем стварыць антыкрызісныя камісіі для кожнага заводу, куды паклікаць дасведчаных людзей усяго свету, каб «падняць» гэтыя заводы. Што датычыць бізнесу, мы прапануем 5-гадовы мараторый на змену падатковага заканадаўства. Таксама хочам зрабіць інвестыцыйна прывабнай краіну і даць магчымасць тым, хто хоча інвеставаць у Беларусь, рабіць гэта адкрыта.

Праграмы будуць апублікаваныя пасля афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцтва.

Інга Астраўцова, Гарась Валатовіч, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ