Выбары ў Беларусі 2015

Уладзіміра Някляева ізноў выклікаюць у міліцыю. «Гэта звыклая практыка запалохвання»


Уладзімір Някляеў. Фота belaruspartisan.org

Паэта і палітыка Уладзіміра Някляева ізноў выклікаюць у міліцыю, на чарзе – суд. Праваахоўнікі заклапочаныя пратэставымі акцыямі, што прайшлі ў верасні ў цэнтры Менску.

Някляеў браў непасрэдны ўдзел у мітынгах 10 і 23 верасня. Наступны народны сход мусіць адбыцца 4 кастрычніка і будзе скіраваны супраць расейскіх вайсковых базаў у Беларусі.

«Сёння перад судом выклікаюць у міліцыю. Будуць складаць яшчэ адзін пратакол. І папярэджваюць, што гэта можа скончыцца значна большым пакараннем. Гэта звыклая ўжо практыка запалохвання. Мы гэта ўжо праходзілі. Яны служаць рэжыму, а я раблю ўсё для таго, каб Беларусь заставалася незалежнай дзяржавай», – заўважыў Уладзімір Някляеў радыё «Рацыі».

30 верасня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбудзецца разгляд адміністратыўнай справы ў дачыненні да лідара АГП Анатоля Лябедзькі, сябра АГП Мікалая Казлова і Уладзіміра Някляева, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле і арганізацыі несанкцыянаваных пікетаў, якія прайшлі 10, 16 і 23 верасня ў беларускай сталіцы, падае belprauda.org

Анатоля Лябедзьку выклікалі ў суд напярэдадні выходных смс-паведамленнем.

Мікалая Статкевіча ўжо аштрафавалі на Br 7,2 млн рублёў за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Акцыя супраць расейскіх вайсковых базаў пачнецца 4 кастрычніка а 17:00 гадзіне на плошчы Свабоды ў Менску.

МЯ, паводле racyja.com, belprauda.org

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ