Выбары ў Беларусі 2015

У Кітайскі індустрыяльны парк гатовыя ўкласці грошы толькі два інвестары

video

Будаўніцтва Беларуска-кітайскага індустрыйнага парку ідзе поўнаю хадою, адрапартавалі адказныя асобы падчас адмысловай прэсавай канферэнцыі.

Але, як выявілася, інвеставаць свае грошы ў праект гатовыя толькі два інвестары. Прычым адзін з іх – не міжнародны, а другі – не інавацыйны. Для каго ж будуюць цяпер інфраструктуру пад Смалявічамі ды на якія грошы?

Абяцанага чакаюць тры гады. Пасля трох гадоў фальшстартаў, будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку пачалося сёлета.

У красавіку пад Смалявічамі, недалёка ад лётнішча «Менск 2», пачалі расчышчаць лес абапал прылеглай дарогі, каб пашырыць яе да шасціпалоснай. Цяпер прыступілі да пракладкі каналізацыі ды электрасувязі. Зрух у праекце, які з 2010-га года існаваў толькі на паперы, кіраўніцтва тэхнапарку патлумачыла развязаннем праблемаў з фінансаваннем.

АНДРЭЙ ГАЛЬ, КІРАЎНІК АДМІНІСТРАЦЫІ ІНДУСТРЫЯЛЬНАГА ПАРКУ:
«З «Эксімбанкам» КНР падпісана пагадненне аб выдзяленні крэдыту на будаўніцтва інфраструктуры парку на ільготных умовах».

Пагадненне аб адпаведным крэдыце памерам $ 170 млн падпісалі на фоне травеньскага візіту ў Менск лідара КНР Сі Цзінь Піна.

Але праз тры гады пасля ўрачыстага заснавання парку карціна выглядае інакш. На прэсавай канферэнцыі, якую кіраўніцтва тэхнапарку склікала для таго, каб пахваліцца поспехам, пытанне «Белсату» аб колькасці інвестыцыйных дамоваў заспела кіраўніка адміністрацыі ў неспадзеўцы.

АНДРЭЙ ГАЛЬ, КІРАЎНІК АДМІНІСТРАЦЫІ ІНДУСТРЫЯЛЬНАГА ПАРКУ:
«Сёлета мяркуе пачаць будаўніцтва яшчэ адна кампанія – нашая айчынная – «Нанапікцін». Вось гэта – тыя планы, якія прапісаныя нашымі дагаворнымі дачыненнямі».

Апроч «Нанапікціну» яшчэ ёсць толькі адзін інвестар – кітайская кампанія «Чайна Мерчантс». Яна плануе пабудаваць лагістычны цэнтр, што будзе адрознівацца ад сваіх беларускіх канкурэнтаў толькі беспрэцэдэнтнымі падатковымі зніжкамі.

УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, ЭКАНАМІЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
«Кітайскія прадпрыемствы – гэта ўжо даўно прадпрыемствы, якія працуюць у рынкавых умовах. Інвеставаць яны, вядома, могуць па загадзе партыі, але, відаць, такога загаду няма, а з уласнай ініцыятывы яны, відаць, не бачаць эканамічнай мэтазгоднасці».

У выніку, падсумоўваюць адмыслоўцы, улады Беларусі ўзялі чарговы крэдыт на $ 170 млн, каб працягнуць разрэкламаваны праект тэхнапарку, нягледзячы на тое, што ён аказаўся гэтак жа незапатрабаваным, як і дадатковыя цэментныя заводы, пабудаваныя раней за паўмільярда долараў, пазычаных у Кітаю. А незапатрабаваным шматабяцальны тэхнапарк аказаўся таму, што без незалежных судоў ды прадказальнай эканамічнай палітыкі інвеставаць у Беларусь асцерагаюцца нават рэзідэнты саюзнай КНР.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ