Выбары ў Беларусі 2015

Цярэшчанка: Я адмаўляюся ад гэтых выбараў, ад гэтага цырку


Віктар Цярэшчанка

Эканаміст Віктар Цярэшчанка, які вылучаўся ў прэзідэнты, лічыць, што ўлады хочуць запалохаць яго як «адзінага апазіцыйнага кандыдата». Так ён пракаментаваў заяву ЦВК аб тым, што са 130 тысяч пададзеных яго ініцыятыўнай групай подпісаў менш 7 тысяч прызналі пэўнымі.

«Могуць і тысячу напісаць. Мы збіралі, як маглі, у рамках заканадаўства. Падвох адбыўся або ў камісіях, або калі везлі каардынатары, ці яшчэ дзесьці – я сказаць не магу», – заявіў Цярэшчанка.

Эканаміст абвяргае абвінавачванні, якія гучалі ў медыях, пра тое, што дадзеныя ў яго падпісных лістах былі раздрукаваныя на прынтары: «Мы раздрукоўвалі толькі шапку на друкарцы. Усё астатняе запаўнялася рукой, як закон і патрабуе». Цярэшчанка сказаў, што асабіста ездзіў па рэгіёнах і бачыў свае падпісныя лісты.

«Яны хочуць запалохаць мяне, адзінага апазіцыйнага кандыдата, а я сёння адзіны апанент», – заявіў Цярэшчанка.

Па словах суразмоўцы tut.by, ён ніколі «не клікаў на плошчу, а заўсёды спрабаваў канструктыўна данесці да ўлады свае ідэі пра эканоміку». «Трэба змяніць феадальную сістэму кіравання ў краіне, куча праблем, спыняюцца прадпрыемствы, манетарная палітыка ніякая», – дадаў Цярэшчанка.

«Мяне ўжо гэта не цікавіць, я адмаўляюся ад гэтых выбараў, ад гэтага цырку. Здароўе даражэй. А феадальная сістэма доўга не праіснуе. Ну нельга так далей жыць у цэнтры Еўропы», – сказаў ён.

Цяпер эканаміст знаходзіцца ў шпіталі пасля таго, як мяркуецца, атруціўся маркоўным сокам у менскай кавярні 28 жніўня.

Чытайце больш >>> Дзмітрыеў: Жадаю Цярэшчанку як мага хутчэй вярнуцца ў добры стан

Паводле апошніх дадзеных ЦВК, толькі чацвёра прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду маюць шанцы на рэгістрацыю кандыдатамі. Гэта Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч і Таццяна Караткевіч.

Цярэшчанка адзначыў, што адчувае сябе дрэнна. Паводле яго слоў, пакуль дыягназу няма, спачатку лекары падазравалі алергію, але «я ўжо тут чацвёра содняў, а алергія праходзіць за суткі пад кропельніцай».

МЯ, паводле tut.by

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ