Выбары ў Беларусі 2015

Што Лукашэнка скажа свету на саміце ААН?


lu_un

«Хутчэй за ўсё, прыйдзецца наведаць ААН», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка, з націскам на слова «прыйдзецца». Маўляў, і рады быў бы застацца ў Беларусі ды не ляцець у той Нью-Ёрк, але іншыя прэзідэнты чакаюць.

Адзін сярод 150

Візіт і выступ Аляксандра Лукашэнкі на саміце ААН напэўна некалькі дзён будзе дамінаваць у эфіры і на газетныя старонках дзяржаўных медыяў. Бо гэта будзе вельмі рэдкая аказія паказаць кіраўніка Беларусі як палітыка сусветнага маштабу.

На юбілейную 70-ю сесію Генеральнай асамблеі ААН прыедзе больш як 150 кіраўнікоў краінаў. Ці Аляксандр Лукашэнка не «згубіцца» сярод іншых прэзідэнтаў?

«Канфлікт Расеі з Украінай безумоўна дадаў яму палітычнага значэння і падобна, што ён будзе намагацца выкарыстаць свой выступ, каб падкрэсліць сваю міратворчую ролю. Імаверна, што ён і прысвеціць свой выступ таму як важна захаваць мір ва Усходняй Еўропе і будзе звязваць гэта з прыкладам Беларусі, як краіны якая гэты мір захавала», – гаворыць рэдактар аналітычнага інтэрнэт-часопісу «Ідэя» Рыгор Астапеня.

Для сусветных медыяў ды кіраўнікоў іншых дзяржаваў найбольш важныя выступы «глабальных гульцоў» – ЗША, Кітай, Расея, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя і г.д. Напэўна будуць уважліва выслуханыя пасланнікі з краінаў Блізкага Усходу – праз канфлікты, пагрозу Ісламскай дзяржавы і праблему ўцекачоў, прадстаўнік Ірану праз «атамнае пытанне» і прэзідэнт Украіны – праз неабвешчаную вайну з Расеяй.

Аляксандр Лукашэнка на фоне глабальных праблемаў і пагрозаў застаецца толькі кіраўніком усходнееўрапейскай краіны з невялікім уплывам у рэгіянальнай палітыцы. Але на экранах дзяржаўных тэлеканалаў нас напэўна чакае вобраз Лукашэнкі-барацьбіта за мір і прынцыповага, нязломнага крытыка Захаду. І гэта – не ў першы раз.

«А ў вас Мілошавіча лінчуюць!»

Апошні раз Аляксандр Лукашэнка выступаў у ААН у 2005 годзе. Ён абрынуўся з крытыкаю на заходнія краіны, фактычна абвесціў крыніцаю ўсіх бедаў ЗША, абвінаваціў ААН у бяздзеянні і грудзямі стаў на абарону дыктатараў.

Аляксандр Лукашэнка і Слабадан Мілошавіч

«Кіраўнікі суверэнных дзяржаваў – Югаславіі ды Іраку – паводле непацверджаных, абсурдных, надуманых абвінавачванняў кінутыя ў турмы», – грымеў з трыбуны Аляксандр Лукашэнка. Праз год ён і сам атрымае мянушку апошняга дыктатара ў Еўропе.

«Камісія па правах чалавека штампуе рэзалюцыі па Беларусі, Кубе, іншых краінах. Спрабуюць навязаць іх і Генеральнай Асамблеі ААН. Але няўжо ААН за надуманымі «праблемамі» не бачыць сапраўдных бедаў і катастрофаў?», – запытаўся Лукашэнка з высокай трыбуны.

«Надуманыя праблемы», пра якія заявіў кіраўнік Беларусі – гэта выкраданні Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Камісія па правах чалавека таксама асудзіла ціск на медыі, праваабарончыя арганізацыі, закрыццё ЕГУ і палітычныя арышты.

Перадвыбарчы зварот… з трыбуны ААН?

Аляксандр Лукашэнка выступіць на саміце 28 верасня, 15-м па ліку. Пасля яго 17-м будзе Уладзімір Пуцін, а яшчэ праз аднаго аратара – Пятро Парашэнка.

Выніковы дакумент Саміту будзе мець назву «Змяняючы свет: павестка дня для ўстойлівага развіцця да 2030 года». Фактычна гэта доўгатэрміновы план дзеяння, скіраваны ліквідацыю беднасці ды голаду. Але часцяком выступоўцы выкарыстоўваюць трыбуну ААН для вырашэння лакальных палітычных пытанняў ды дзеля «напампоўвання» уласнага рэйтынгу.

«Натуральна, што ніякай важнасці выступ Лукашэнкі мець не будзе, але для любога кіраўніка дзяржавы гэта пытанне прэстыжу. Яму хочацца займець добрую трыбуну, асабліва ў часе выбарчай кампаніі. Пакуль іншыя кандыдаты выступаюць са сваймі паўгадзіннымі выступамі, ён прамаўляе з трыбуны ААН. Гэтым ён пакажа, што гэта і ёсць ягоны выступ перад беларусамі і трыбуна ААН – гэта ягоны ўзровень», – падкрэслівае Рыгор Астапеня.

Ужо вядома, што Аляксандр Лукашэнка плануе засяродзіцца на пытаннях вайны. «Думаю, і прэзідэнт Расеі, і я – мы ад гэтай тэмы не сыдзем, тым больш нам ёсць, што сказаць, – заявіў кіраўнік Беларусі. – Ідзе глабальны перадзел сфераў уплыву, у які мы апынуліся ўцягнутымі. Аднак эгаістычныя амбіцыі не вартыя таго, каб прыносіць ім у ахвяру нашыя інтарэсы і жыцці нашых людзей». Імаверна, што Лукашэнка таксама прыгадае пра «бесперспектыўнасць усялякіх санкцыяў».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ