Выбары ў Беларусі 2015

Прафсаюз па-беларуску: За Лукашэнку, а не за рабочых (Фота)

photo

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вывесіла «улётку» з заклікам галасаваць за Лукашэнку падчас спаборніцтваў па кулявой стральбе ў Берасці.

У берасцейскім ціры падчас правядзення Кубка Беларусі па кулявой стральбе з’явілася заява ад імя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у якой грамадзянаў заклікаюць галасаваць за Лукашэнку. Пра іншых кандыдатаў інфармацыя адсутнічае.

У прыватнасці ў заяве гаворыцца:

«Мы заклікаем усіх грамадзянаў нашай краіны аб’яднацца і падтрымаць на выбарах Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Падтрымліваючы яго кандыдатуру, мы будзем галасаваць за чалавека з цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, які ніколі не змяняе сваіх перакананняў, за дасведчанага і аўтарытэтнага палітыка.

Пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашенкі Беларусь прайшла каласальны шлях развіцця і рэалізавалася як незалежная дзяржава. Менавіта дзякуючы прэзідэнту ў краіне захаваны мір і парадак. Кіраўнік дзяржавы заўсёды на баку простых людзей. Ён перажывае і хварэе за краіну. Гэта выклікае шчырую павагу беларускага народа. Сённяшні свет неспакойны. Толькі разам, толькі з такім моцным лідарам, як Аляксандр Лукашэнка, мы можам супрацьстаяць усім выклікам».

Дадзеная заява з’явілася на стэндзе, дзе размешчана інфармацыя з вынікамі і раскладам Кубка Беларусі па кулявой стральбе.

Таксама прадстаўнікі прафсаюзаў агітавалі за Лукашэнку падчас учорашняга візіту ў Берасце Таццяны Караткевіч, паставіўшы пікет за дзеючага кіраўніка дзяржавы каля ДК «Прафсаюзаў», у якім праходзіла сустрэча з кандыдаткай на прэзідэнцтва. Вось толькі ўдзельнікі пікету за Лукашэнку не змаглі назваць карэспандэнтам Belsat.eu ніводнай прычыны, чаму трэба галасаваць за іх кандыдата. Прызналіся, што агітуюць за Лукашэнку ў працоўны час. А тое, што Лукашэнка не сустракаецца з людзьмі, тлумачаць тым, што ў яго шмат іншых справаў.

CA, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ