Выбары ў Беларусі 2015

«Падлік галасоў быў несумленным». Міжнародныя назіральнікі расчараваныя ў беларускіх выбарах


Фота Twitter АБСЕ

АБСЕ і ПАРЕ прадставілі справаздачу з ацэнкай беларускіх выбараў.

«Спатрэбіцца палітычная воля, каб ажыццявіць комплексныя рэформы. Мы звярнулі ўвагу на тое, што і кампанія, і дзень выбараў прайшлі роўна. Былі праблемы падчас падліку галасоў, і гэта падрывае сумленнасць выбараў», – заявіў спецыяльны каардынатар і кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ Кент Харстэд.

Разам з тым ён адзначыў, што вызваленне палітвязняў і сардэчны падыход да назіральнікаў з’яўляюцца пазітыўнымі момантамі. «Аднак тая надзея, якую нам гэта дало, не спраўдзілася», – адзначыў Кент Харстэд.

Джым Уолш з Парламенцкай асамблеі АБСЕ заявіў, што ён не думае, што падлік галасоў адпавядаў вынікам галасавання, асабліва, што тычацца датэрміновага галасавання.

У справаздачы назіральнікаў гаворыцца, што выбарчы працэс у дзень галасавання быў ацэнены пазітыўна на 95 %, дзе праводзілася назіранне. Пры гэтым у дакуменце ёсць наступная заўвага:

«Вялікай колькасці назіральнікаў не дазволілі праверыць спісы выбарнікаў, а ідэнтычныя на выгляд подпісы зафіксаваныя на 47 участках».

Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30 % участкаў, дзе праводзілася назіранне.

Група назіральнікаў налічвае чатыры сотні сяброў з 38 краінаў свету, сярод якіх 325 назіральнікаў АБСЕ/БДІПЧ, 58 сяброў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, 15 парламентарыяў і супрацоўнікаў ПАРЕ.

Некаторыя дзяржавы збіраюцца будаваць доўгатэрміновыя адносіны з афіцыйным Менскам менавіта на падставе справаздачы назіральнікаў АБСЕ. Пра гэта, напрыклад, заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ