Выбары ў Беларусі 2015

Назіральніца, якая не падала руку Лукашэнку: Паказала стаўленне людзей да яго


Фота Сяргея Грыца, Associated press

Карыстальнікі інтэрнэту ўражаныя ўчынкам назіральніцы, якая не ўстала перад Лукашэнкам. Але гэта не першы выпадак, калі жанчына праяўляла адвагу.

«Наша Ніва» пагаварыла з Наталляю Гарачкаю, згодна з назіраннямі якой, яўка на «асаблівым участку» не дасягнула 50 %. Камісія на ім складалася з супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту фізкультуры і спорту, прадстаўнікоў ЛДПБ, КПБ, Саюзу жанчын.

«Усе падняліся, калі Лукашэнка зайшоў, ён пачаў ціснуць рукі. Я рукі не падала. Бо лічу, што ён, як чыноўнік, не стварыў умоваў для развіцця Беларусі. Такім чынам я паказала стаўленне да яго людзей, не тых, хто з года ў год яго аблізваюць, а простых людзей Рэспублікі Беларусь».

Наталля Гарачка кажа, што было было не страшна. І прыгадвае, як калісьці ў адзіночку стаяла на Кастрычніцкай плошчы з бел-чырвона-белым сцягам і балонікам, на якім быў перакрэслены партрэт Лукашэнкі.

«Нехта з журналістаў сфатаграфаваў і змясціў у часопіс з цудоўнай фразай: «Улада баіцца тых, хто яе не баіцца, і не любіць тых, хто яе любіць», – узгадвае Наталля Гарачка.

На думку Наталлі, большасць назіральнікаў на ўчастку, дзе галасаваў кіраўнік краіны, былі «фіктыўнымі»:

«Яны добрыя знаёмыя сябраў камісіі, віталіся за руку з людзьмі, што прыходзілі галасаваць, абдымаліся. Гэта ж асаблівы ўчастак. Там людзі з Драздоў, спартоўцы».

Паводле незалежнай назіральніцы Наталлі Гарачкі, на ўчастак кіраўніка дзяржавы прыйшлі 1368 чалавек, афіцыйныя ж лічбы падаюць 2053 выбарнікі.

Наталля Гарачка займаецца грамадскай дзейнасцю з 1996 года. З 2000-га актыўна ўдзельнічае ва ўсіх акцыях пратэсту. Праваабаронца Алег Волчак прыгадаў пра яшчэ адзін выпадак, калі Наталля праявіла адвагу.

«Жанчына, якая спыняе мікрааўтобус, у які невядомыя запіхваюць удзельнікаў «маўклівага пратэсту» – менавіта Наталля. Яна ішла з крамы з торбамі і вырашыла праявіць актыўнасць, рызыкуючы жыццём», – паведаміў Belsat.eu Алег Волчак.

НМ, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ