Выбары ў Беларусі 2015

Люблю і ненавіджу: дзе найбольш галасавалі супраць Лукашэнкі?


ЦВК апублікаваў магічныя лічбы папярэдніх вынікаў галасавання, паводле якіх на сёлетніх выбарах прэзідэнта перамагае Аляксандр Лукашэнка з вынікам 83,49 %. «Белсат» прааналізаваў гэтую інфармацыю, падлічыўшы, якія вобласці ды раёны нашай краіны як і за каго галасавалі.

«Яўка – наш кандыдат»

Гэткага лозунгу «прытрымаліся» выбарцы, якія галасавалі ў Магілёўскай і Віцебскай вобласцях, дзе сваім правам абіраць скарысталіся 91 % грамадзянаў.

Самая нізкая яўка ў Менску (74,3 %), а вось колькасць тых, хто прагаласаваў супраць усіх наадварот самая вялікая – 199 406 (больш за 20%).

Таксама да ліку самых пратэставых вобласцяў можна запісаць Берасцейскую, дзе галачку насупраць нічыйго імя паставілі 39 805 асобаў. Самую нізкую колькасць нявызначаных выбарцаў зарэгістравалі на Магілёўшчыне – 20 391 чалавек.

Статыстыка наконт кандыдатаў, улічваючы афіцыйныя заявы, моцна па вачох не б’е.

Найменш падтрыманы кандыдат – гусар з вусамі і багатым «русским миром» унутры Мікалай Улаховіч. Найбольшы адсотак галасоў ён атрымаў у сталіцы (2,74 %), а найменшы – на Гарадзеншчыне – 1,03 %.

Крыху лепш справы ў вечнага кандыдата Сяргея Гайдукевіча. Паводле папярэдніх падлікаў, найбольшай папулярнасцю ён карыстаецца ў Гомельскай вобласці (4,23%), а больш за ўсё яму не давяраюць выбарцы Берасцейшчыны (2,34%).

Што датычыць кандыдаткі ў спадніцы і на каньках, то тут сітуацыя дыяметральна супрацьлеглая. Найгорш за Таццяну Караткевіч галасавалі ў Гомельскай вобласці (2,27 %), а найбольш галасоў аддалі жыхары Менску (6,99) і на Берасцейшчыне (5,32 %).

Кіраўнік Беларусі, згодна з «чэснымі» падлікамі ЦВК, карыстаўся падтрыманнем паўсюль, акрамя Менску і Менскай вобласці, дзе за яго прагаласавалі «ўсяго толькі» 65,58 і 85,73 адпаведна.

Найбольш галасоў ён зрубіў у Магілёўскай вобласці (88,29 %). У Шклоўскім раёне, адкуль цягнуцца доўгія і трывалыя карані «бацькі», за яго прагаласавалі 95,16 %.

Аднак гэта не рэкорд. Найбольш актыўна за Лукашэнку галасавалі эканамічныя аўтсайдары Гомельскай вобласці – Хойнікі 98,10 %, Нароўля 98,39 %, Чачэрск 97,31 %, Калінкавічы 91,74 %, Буда-Кашалёва 97,61 %.

Не пашкадавалі галасоў і раёны з найніжэйшымі прыбыткамі па краіне: Шаркаўшчына (92,39 %), Ушачскі раён (92,72 %), Браслаўскі раён (89,49) %, Бешанковічы (96,09 %), Лоеўскі раён (96,31 %) і Мсціслаўскі раён (91,33 %).

ДР, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ