Выбары ў Беларусі 2015

Лукашэнка: Ніякай гаворкі пра расейскую авіябазу ў Беларусі не вялося. Нам гэта не трэба


Кіраўнік краіны сцвярджае, што нічога не чуў пра размяшчэння расейскай вайсковай авіябазы на тэрыторыі Беларусі.

«Нам не патрэбная база сёння. Тым больш вайскова-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраенні. Пра гэта я таксама публічна казаў Пуціну і раней Мядзведзеву», – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з працоўнымі калектывамі і жыхарамі Менскага раёну.

«Нам патрэбныя самалёты, а не базы сёння. У нас выдатныя лётчыкі, у нас добрая школа лётчыкаў вайсковых, грамадзянскіх. І навошта мне ствараць базу? Навошта мне сёння заводзіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?» – запытаўся Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго словаў, узбраенні патрэбныя, каб забяспечыць абарону рубяжоў Беларусі і Расеі. «Мы нікуды не збіраемся ехаць ваяваць, і я пра гэта казаў», – дадаў Лукашэнка.

Што да стварэння расейскай авіябазы, то, згодна са словамі кіраўніка краіны, ён ні з кім не размаўляў на гэтую тэму.

«Проста мяне здзіўляе і нават у нейкай меры абурае і крыўдзіць, навошта гэта было расейцам сёння ўкідваць у СМІ? Можа, непакояцца, што мы сапраўды на Захад сыходзім, каб падкінуць гэтую тэму, каб Захад пачаў у нас пытацца альбо сумнявацца ў тым, што мы з імі хочам нармалізацыі стасункаў», – заявіў кіраўнік Беларусі.

І заўважыў, што «будуць рознага кшталту правакацыі, з любога боку», у сувязі з чым параіў «не расслабляцца».

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ