Выбары ў Беларусі 2015

«Известия»: Лукашэнка вылучыў $ 2 млн на кіно з Дэпард’ё


Фота president.gov.by

Вядомы французскі актор можа выканаць ролю механіка ў фільме «Нармандыя-Нёман».

Пра гэта распавёў дырэктар Дзяржфільмфонду Расеі Мікалай Барадачоў у каментары газеце «Известия». Паводле яго словаў, Аляксандр Лукашэнка на вытворчасць фільму даў 2 $ млн.

«Адразу пасля візіта Жэрара Дэпард’ё ў Беларусь ён выклікаў міністра фінансаў і даручыў вылучыць грошы. Цяпер вядуцца працы, прадусар Жэрара Дэпард’ё вырашае арганізацыйныя пытанні», – заявіў Барадачоў.

«Нармандыя-Нёман» – вядомы авіяцыйны полк, які ваяваў супраць нацыстаў на ўсходнім фронце, складаўся з французскіх добраахвотнікаў.

На мінулым тыдні ў Менску адбылася прэм’ера блакбастэра «Мы браты», зробленага па дзяржаўнай замове. Рэжысёр Андрэй Курэйчык у размове з «Белсатам» адзначыў, што многія з прысутных на прэм’еры ў сталічным кінатэатры «Масква» не маглі стрымаць смеху.

«Канешне, гэты фільм планаваўся пад прэзідэнцкія выбары, галоўныя героі – афіцэры службы бяспекі прэзідэнта. Яны там увесь час тэлефануюць прэзідэнту, і прэзідэнт дае там даручэнні, што трэба зрабіць з пратэстуючымі, план «цэнтрыфуга», план «шчыт», і гэтак далей. Але гэта выглядала так камічна і аперэтачна, што складалася ўражанне, што гэта проста такая дыверсія супраць беларусіх спецслужбаў і беларускіх уладаў. Было немагчыма сур’ёзна ўспрымаць тое, што было на экране. Зал у кінатэатры «Масква» разрываўся ад смеху. Хаця нібы сур’ёзнае кіно», – адзначыў Андрэй Курэйчык.

Бюджэт фільму «Мы браты» склаў каля $ 2 млн.

НМ, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ