Выбары ў Беларусі 2015

Голас маладога: Беларускія апазіцыянеры – гэта няўдачнікі


Іван Шыла

«Калі раптам знікне БХД ці «Малады фронт» – вялікай бяды для Беларусі не будзе», – падкрэсліў у размове з Belsat.eu Іван Шыла, які каля 10 гадоў жыцця аддаў грамадскай і палітычнай актыўнасці ў «Маладым фронце».

Іван паходзіць з Салігорску. Ён носіць узорыстыя хіпстарскія швэдры, здымае з сябрам кватэру ў цэнтры Менску ды працуе журналістам-фрылансерам. Іван прызнаецца, што праспаў першую сесію з’езду «Маладога фронту», бо быў папярэдняй ноччу ў начным клубе, але яго, адсутнага, і так выбралі ў сойм арганізацыі.

хачу вандраваць, да

Zdjęcie zamieszczone przez użytkownika Ivan Shyla (@ivanshyla)

Якія шанцы мае хлопец з «Маладога фронту», знаёмячыся ў клубе з дзяўчынай?

Хлопец мяркуе, што на сёння «Малады фронт» знік як арганізацыя. На апошні з’езд моладзевага аб’яднання сабраліся толькі каля 30 асобаў. «А на наступных сходах людзей будзе яшчэ менш», – прадказвае актывіст.

«Сказаць сёння, што я маладафронтавец, – гэта не вельмі прэстыжна. Калі знаёмішся ў клубе з дзяўчынаю і прадстаўляешся маладафронтаўцам, то твае шанцы нашмат меншыя, чым тады, калі ты кажаш: я – журналіст», – прызнаецца Іван.

Хлопец з Салігорску адзначае, што ў свае 25 гадоў ён стаў больш меркантыльным ды ў яго істотна змяніліся прыярытэты.

«Я не вельмі хачу думаць катэгорыямі ахвяравання чымсьці. Я ў прынцыпе застаўся чалавекам, які неабыякавы да шмат якіх рэчаў, але гэта хутчэй датычыць канкрэтных сітуацый. З кожным годам я ўсё больш думаю пра грошы, пра матэрыяльную рэалізацыю. Цісне грамадства, а я ў сваім узросце не адпавядаю шмат якім крытэрам паспяховага чалавека – я не набыў машыну, я нават не гавару пра кватэру і квадратныя метры. Я маю цьмяныя жыццёвыя перспектывы – у мяне няма працоўнай кніжкі, я не хаджу на працу а 8-ай гадзіне. У прынцыпе, я ўсё гэта адмаўляю, але ў кожным разе мне даводзіцца думаць, як зарабляць грошы і імкнуцца да стандартаў грамадства, у якім я жыву», – кажа актывіст.

2007

Zdjęcie zamieszczone przez użytkownika Ivan Shyla (@ivanshyla)

Быў у «Маладым фронце». А вынікі?

Іван адзначае, што не ў стане меркаваць пра значэнне грошай для ўсяго новага пакалення, але не адмаўляе, што ён сам «перагарэў».

«Я быў актывістам з 14 гадоў. Можна сказаць, 10 гадоў я аддаў грамадскай дзейнасці, якая не прынесла асаблівых дывідэндаў у сваім класічным вымярэнні. Я не магу цвердзіць, што я схадзіў на некалькі акцыяў і ў мяне з’явіліся чаравікі. Мой жыццёвы досвед мяне вучыць, што калі ты нечым ахвяруеш – гэта не заўжды канвертуецца. З сённяшняга пункту гледжання я не магу сказаць, што мая ахвярнасць была нечым вартым. Для чаго яна была – незразумела. Праз яе я, напрыклад, паступіў ва ўніверсітэт на 2-3 гады пазней за сваіх аднакласнікаў, бо пасля выключэння са школы год сядзеў удома без атэстату, пазней мяне забралі ў войска. Ці гэта было варта? Я моцна сумняюся».

Раней хлопца ўтрымлівалі бацькі і ён не клапаціўся пра матэрыяльнае. Калі ў 25 гадоў яму захацелася падвесці нейкія вынікі, то ён з жалем мусіў канстатаваць: ніякіх вынікаў няма.

Абсалютна ж не думаць пра матэрыяльны складнік – ніяк не выходзіць, бо «ўдома стаіць лядоўня, якую трэба нечым запаўняць».

«Я б займаўся «Маладым фронтам» і далей, мне падабаецца працаваць з людзьмі, мець нейкія ідэі і даводзіць іх да канца. Але сёння аказалася, што «Малады фронт» проста не ў стане прыносіць нейкі прыбытак», – дадае Іван.

Крыўда на больш паспяховых?

Салігорац прызнаецца, што чуе ў некаторай ступені крыўду да тых людзей, у якіх словы і дзеянні разыходзяцца: «Некаторыя мае больш меркантыльныя ў мінулым сябры, якія дазвалялі сабе пафасныя прамовы, дасягнулі поспеху. Я, робячы канкрэтныя справы без высокіх словаў, атрымаў нашмат менш. Агульнага здабытку не відаць, татальнае расчараванне. Сапраўды здаецца, што ўсё было дарма».

Словы пра «змаганне» і «вялікае Адраджэнне» дагэтуль выклікаюць усмешку ў нашага суразмоўцы. Праўда, ён прызнае, што некалі палымяныя заклікі спрацоўвалі і натхнялі маладафронтаўцаў на самаахвярнасць. Дзякуючы ўнутранаму духу, які трымаўся на пафасе і на веры, маладфаронтаўцы Зміцер Дашкевіч, ягоная жонка Наста ды іншыя змаглі вынесці турэмныя выпрабаванні, мяркуе Іван.

«Гэта дало дастаткова ўнікальны вынік для нас, але мы глядзім нібыта знутры. Але глядзець аб’ектыўна не заўсёды атрымлівалася. У 2006 годзе мяне, 16 гадовага хлопца, запрашаюць у амерыканскую амбасаду і я спатыкаю ўмоўную культурную эліту, з якой усе ведаюць, хто я такі. Яны ствараюць ініцыятыву, збіраюць подпісы супраць майго выключэння са школы, да мяне сур’ёзна ставяцца журналісты, падыходзіць Генадзь Бураўкін – ствараецца ўражанне, што мая актыўнасць насамрэч важная. Хоць ужо на той момант такая дзейнасць была абыякавай грамадству, але нам здавалася інакш».

Затрыманне Івана Шылы. Фота bymedia.net

Большасць беларусаў ніколі не чула пра «Малады фронт»

Паводле Івана, для агулу грамадства «Малады фронт» нават ніколі і не існаваў, бо пра арганізацыю ведаюць толькі некалькі тысяч зацікаўленых асобаў. Людзі наагул, паводле яго, перасталі ўспрымаць апазіцыю адэкватна, бо ўсе яе акцыі не прыводзілі да нейкіх вынікаў.

«Акцыі станавіліся ўсё больш неразумнымі, а ўсё больш людзей расчароўвалася і сыходзіла. Адпаведна, у апазіцыі заставаліся больш някемлівыя людзі, застаюцца дагэтуль. Людзі ўжо смяюцца з гэтага. Затрымліваюць 15 асобаў – пра гэта пішуць двума радкамі. Колькасць затрыманняў стала каласальнай. Згадайце, пасля Плошчы-2010 цяжка было палічыць усіх зняволеных. Але змянілася стаўленне журналісцка-культурніцкай тусоўкі, знікла зацікаўленне», – адзначае хлопец.

На думку Івана, шмат якія сённяшнія апазіцыйныя групы – гэта аб’яднанні «маргіналаў, лузераў, якія згубілі ўсе сацыяльныя сувязі».

«10 гадоў таму ў Салігорску хадзілі на семінары па назіранні за выбарамі, ходзяць і цяпер. Два гады таму мне захацелася з усяго гэтага вырвацца, бо ў значнай ступені асобы, якія знаходзяцца побач, – гэта людзі, якія нічога не дасягнулі ў жыцці. Ёсць аргументы: яны ахвяравалі чымсьці для Беларусі, але наступіў час, калі варта сыходзіць з апазіцыі. На сёння ёсць сцяна, аб якую можна біцца галавой або можна гэты мур абысці. Сёння апазіцыя – гэта няўдачнікі, якія робяць глупствы ды спрабуюць падскочыць вышэй галавы», – лічыць Іван.

и вось

Zdjęcie zamieszczone przez użytkownika Ivan Shyla (@ivanshyla)

Займаючыся палітыкай, беларус ніколі не стане паспяховым

Вінаватай у такім стане рэчаў маладзён лічыць дыктатуру Аляксандра Лукашэнкі, якая зачысціла грамадскае поле.

«Сёння няма палітыкі, – адзначае Іван. – Яна з’яўляецца раз на 5 гадоў – на выбары, але ва ўсё больш недарэчнай форме. Апазіцыя правярае подпісы ў апазіцыі, шукае агентаў, вешае ярлыкі. Узровень дыскусіі ўнутры апазіцыі звузіўся да высвятлення: хто агент, а хто не. Нармальных якасных прапановаў, што рабіць – няма. Канешне, тут вінаватыя ўлады».

Як заўважыў Іван, улады Беларусі стварылі такую сітуацыю, што займаючыся палітыкай, беларус ніколі не дасягне поспеху ды не здолее самарэалізавацца.

«Гэта класічная тэма: усе чакаюць новых людзей, калі ж нехта прыходзіць – то на яго глядзяць са страхам і асцярогай: ці не агент ён. Сёння ў апазіцыі пануе нейкі космас: нейкія касмічныя ідэі, касмічныя акцыі. Бел-чырвона-белы сцяг, аднак, не робіць з цябе адразу героя. Многа дурняў хадзіла ў 16 гадоў уздымаць бел-чырвона-белыя сцягі. Потым мы сядзелі ў пастарунках, людзям задавалі элементарныя пытанні, а яны не маглі адказаць. Мне было сорамна за такіх людзей. Гэта не азначае, што сярод прыхільнікаў чырвона-зялёнага сцяга – усе нармальныя, хоць, безумоўна, там мусяць быць такія».

Іван акцэнтуе, што цяпер побач ладзяць пікеты з бел-чырвона-белымі і афіцыйнымі сцягамі ды наагул з’явілася адчуванне, што ўсе стаміліся змагацца. У сваю чаргу некаторыя апазіцыянеры гатовыя галасаваць за Лукашэнку, а чыноўнікі не так кепска ставяцца да дэмакратычных дзеячаў.

БерлIН

Zdjęcie zamieszczone przez użytkownika Ivan Shyla (@ivanshyla)

«Апазіцыянеры, займіцеся бізнесам!»

На думку Івана, на сённяшні момант найбольш варта пайсці ў сферы, якія больш ліберальныя – заняцца бізнесам, атрымаць у нечым поспех, а пасля, да прыкладу, вярнуцца ў апазіцыю.

«Зміцер Дашкевіч заняўся мэбляй – і гэта вельмі-вельмі правільна. Без гэтага на Дашкевіча маглі б глядзець толькі як на чалавека, які дамогся толькі таго, каб сесці ў турму, што для сябра «Маладога фронту» дастаткова проста. Але вось зрабіць больш-менш паспяховую фірму па вырабе мэблі – не так лёгка. Таму для Дашкевіча гэты занятак ідэальны. Гэта ідэальна для ўсіх з «Маладога фронту», хто можа чымсьці заняцца», – перакананы дзеяч.

Іван Шыла звяртае ўвагу, што сёння апазіцыянер Франак Вячорка прадае праз інтэрнэт бел-чырвона-белыя сцягі і ніхто яго за гэта не пераследуе. «З’явілася іншая прастора – непалітычная. Франак Вячорка не стаў адным з моладзі БНФ, а стаў адным з «Арт-Сядзібы», культурніцкай пляцоўкі, канешне, з палітычным падтэкстам. Вядома, па якім баку барыкадаў яны стануць і каго будуць падтрымліваць. Але яны робяць вельмі слушна – яны акумулююць сродкі, збіраюць кантакты, робяць сабе імя. Людзі, якія раней уявіць не маглі, што будуць кантактаваць з Франакам, які за палітыку сядзеў на соднях, сёння супрацоўнічаюць з ім – гэта трэндсетары, гламурныя часопісы».

Першы гарнiтур пасля школы

A photo posted by Ivan Shyla (@ivanshyla) on

Тыя самыя акцыі без палітыкі – нашмат больш паспяховыя

Сёння былыя маладафронтаўцы ладзяць у Салігорску канцэрты, але ўжо без палітычных лозунгаў, і ім улады спакойна даюць дзяржаўныя пляцоўкі ў арэнду, кажа Іван.

«Аказваецца, без бел-чырвона-белых сцягоў можна сабраць нашмат больш людзей ды супольна вырашаць нейкія праблемы. Гэта класна і гэтым трэба займацца. Канешне, крыўдна цяпер быць маладафронтаўцам і разумець, што не трапіў у трэнд», – адзначае Іван. На ягоную думку, на патрэбу грамадства адказалі моўныя курсы «Мова нанова» ды «Мова ці кава». Высветлілася, што беларускамоўныя людзі хочуць недзе збірацца.

«Раней гэта маглі быць соймы «Маладога фронту», бо туды ж не прыходзілі вырашаць выключна палітычныя пытанні. Прыходзілі 150 асобаў, бо ім было цікава быць разам. Сёння аказалася, што калі «Малады фронт» будзе праводзіць такія імпрэзы – то гэта не тое. А калі гэта проста будзе нармальная гламурная тусоўка, куды можна прыйсці і пазнаёміцца з дзяўчынай, – усё аказалася класна», – заўважае актывіст.

Проста трэба

A photo posted by Ivan Shyla (@ivanshyla) on

Няма попыту на палітыку і палітвязняў

Сёння можна быць сябрам Партыі БНФ, рабіць заявы пра расейскую агрэсію, а можна займацца нечым іншым, мяркуе салігорац. «Я не кажу, што ніхто не павінен рабіць такіх заяваў, але проста няма попыту на палітыку, няма попыту на палітвязняў. Я не веру ў сітуацыю, калі мы станем лепшай апазіцыяй, туды прыйдуць лепшыя людзі і мы пачнем лепш рабіць сваю справу і лепшыя заявы. Нічога не атрымаецца, пакуль не зменіцца грамадства».

Партыі ж мусяць існаваць, настойвае маладзён, каб людзі ведалі, куды прыйсці ў выпадку, калі ў краіне нешта пачне змяняцца: «Таму Анатоль Лябедзька мусіць быць цяпер у партыі АГП».

Немагчыма пераацэньваць свае сілы, што нешта можна ўкласці беларусам у галаву, настойвае Іван. «Людзям нецікавая расейская васковая база. Каб актывісты БНФ маглі не есці, не піць, і абышлі ўсе дамы, і паразмаўлялі з людзьмі – наўрад ці яны б нешта змянілі», – кажа дзеяч.

Усё будзе класна, бо людзі не дэградуюць

«Я ведаю шмат крэатыўнай, актыўнай моладзі, якая не ідзе ў палітыку, бо гэта нічога не дае. Але ўсё будзе класна, бо ў Беларусі шмат файных людзей. Ніхто вакол не дэградуе, дэградуе толькі беларуская апазіцыя, якой таксама падаецца, што ўсе навокал дэградуюць. Калі раптам знікне БХД ці «Малады фронт» – вялікай бяды для Беларусі не будзе. Грамадства развіваецца без нас і трэба да яго прыстасоўвацца».

Цяпер Іван думае, як з’ехаць за мяжу. «Не хачу прачнуцца ў Менску ў 35 гадоў у здымнай кватэры», – кажа хлопец.

Размаўляў Віктар Шукеловіч, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ