Выбары ў Беларусі 2015

Фота дня: Мама Надзеі Саўчанкі прыехала на суд дачкі ў незвычайнай вышыванцы

photo

Мама Надзеі Саўчанкі прыехала на суд дачкі ў вышыванцы з партрэтам Надзеі

Марыя Саўчанка, маці ўкраінскай вайсковай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, прыбыла на судовае паседжанне ў горад Данецк Растоўскай вобласці ў Расеі, каб падтрымаць сваю дачку на працэсе.

На суд спадарыня апранула незвычайную вышыванку – на сарочцы жанчына мела вышыты каляровымі ніткамі партрэт сваёй дачкі.

Лётчыцы Надзеі Саўчанцы пагражае да 25 гадоў турмы, калі яе прызнаюць вінаватай у саўдзеле пры забойстве двух расейскіх журналістаў ва ўсходняй Украіне ў мінулым годзе і нелегальным перасячэнні мяжы Расеі. Украінка адмаўляе якія-небудзь парушэнні, сказаўшы, што яе ў чэрвені 2014 года выкралі сепаратысты і сілком перавезлі ў Расею.

Паводле паказанняў Надзеі Саўчанка, яна трапіла ў палон пасля бою на значнай адлегласці ад месца, дзе загінулі журналісты. Яна зазначыла, што была штурманкай верталёта і наагул не ўмее карэктаваць агонь артылерыі, падае Бі-Бі-Сі.

Паводле абароны, раздрукоўкі тэлефонных перамоваў Надзеі Саўчанкі сведчаць пра тое, што яе захапілі ў палон і павезлі ў Луганск значна раней, чым загінулі журналісты.

Па версіі расейскага Следчага камітэту і пракуратуры, Надзея Саўчанка карэктавала агонь артылерыі, пад якім незадоўга да паўдня 17 чэрвеня 2014 года ў пасёлку Металіст пад Луганскам загінулі супрацоўнікі расейскай праграмы «Вести» Ігар Карнялюк і Антон Валошын.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.com

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ