Выбары ў Беларусі 2015

Дваццаць гадоў па нахільнай? АГП святкуе юбілей

video

Генадзь Карпенка і Юрый Захаранка, Зінаіда Бандарэнка і Міхаіл Чыгір – усе гэтыя значныя для сучаснай Беларусі постаці былі або застаюцца сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая ўтварылася роўна 20 гадоў таму. Бліскучы пачатак і несабраныя сёлета 100 тысяч подпісаў. Чым сёння можа пахваліцца Аб’яднаная грамадзянская партыя?

На юбілейнай прэсавай канферэнцыі – толькі пра добрае. Аб’яднаная грамадзянская партыя святкуе 20-годдзе ды згадвае, як шматабяцальна ўсё пачыналася.

Згадаць сапраўды ёсць што. Пасля ўтварэння партыі да яе далучыліся вядомыя і таленавітыя палітыкі.

АЛЯКСАНДР ДАБРАВОЛЬСКІ, СУЗАСНАВАЛЬНІК АГП:
«Павел Данэйка, Людміла Гразнова, Васіль Шлындзікаў, Віктар Ганчар, Анатоль Лябедзька – гэта былі людзі, якія карысталіся грамадскай падтрымкай».

Як і Генадзь Карпенка – намеснік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га склікання. Менавіта на яго глядзелі як на будучага прэзідэнта Беларусі пасля імпічменту Лукашэнку. У 99-ым Карпенка нечакана памёр, пасля бясследна зніклі бадай самыя вядомыя сябры АГП – былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка і старшыня ЦВК Віктар Ганчар.

На сённяшняй канферэнцыі пра зніклых не згадваюць. Анатоль Лябедзька, які нязменна кіруе партыяй апошнія 15 гадоў, пахваліўся віншаваннямі ад брытанскага прэм’ера Дэйвіда Кэмэрана і канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель. Ды запэўніў, што поспех яшчэ будзе.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ЛІДАР АГП:
«У нас абавязкова будзе наш мільён галасоў – людзей, якія прагаласуюць за нашых кандыдатаў ці то на парламенцкіх выбарах, ці то на прэзідэнцкіх. За гэта мы змагаемся. І падчас гэтай кампаніі мы прапанавалі людзям пазітыўную альтэрнатыву «Мільён новых працоўных месцаў».

Што праўда, прапанова гэтая не новая – пра «Мільён новых працоўных месцаў» яшчэ падчас мінулай прэзідэнцкай гонкі ўпершыню загаварыў кандыдат ад АГП Яраслаў Раманчук. Кампанія харызматычнага эканаміста і намесніка старшыні партыі была адной з самых яркіх. Што праўда, скончылася сумнавядомым выступам Раманчука на дзяржаўным тэлебачанні з асуджэннем іншых кандыдатаў ад апазіцыі.

ЯРАСЛАЎ РАМАНЧУК, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
«Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў і Віталь Рымашэўскі… заклікалі і павялі людзей на плошчу Незалежнасці… Там імі былі здзейсненыя беспарадкі, была спроба захопу Дому ўраду».

На гэтыя прэзідэнцкія выбары, хоць і са старой, але праверанай праграмай вырашыў пайсці сам старшыня АГП. Аднак ранейшага энтузіязму сярод беларусаў не выклікаў – партыі не ўдалося сабраць 100 тысяч галасоў, неабходных для рэгістрацыі Лябедзькі кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Цяпер лідар АГП спадзяецца на байкот.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ЛІДАР АГП:
«Гэта дае нам шанец ціснуць на ўладу і прапаноўваць ёй змены выбарчага заканадаўства, каб яго памяняць, памяняць правапрымяняльную практыку. І каб у 2016 годзе адбылося нешта падобнае на свабодныя і сумленныя выбары ў парламент».

Менавіта свабодныя і сумленныя выбары – тое, што паводле Лябедзькі, вырашыць усе праблемы. Аніякія змены ўнутры партыі, паводле ейнага лідара, на сённяшні дзень не патрэбныя.

ГЛ, «Белсат»

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ