Выбары ў Беларусі 2015

Аляксандр Мілінкевіч: мы ў фарсе не ўдзельнічаем. Трэба мець годнасць!

video

Лукашэнка не ведае, што рабіць з краінаю, а тым часам Беларусь чакае новая перабудова. Лідар руху «За свабоду» у інтэрвю «Белсату» каментуе выбарчую кампанію і перспектывы пераменаў.

– Як вы ацэньваеце бягучую выбарчую кампанію?

– 20 гадоў у краіне няма рэальных выбараў і мы ведаем, чаму. Я іх не прызнаю, пакуль не будзем разам лічыць галасы. Паколькі нас няма ў камісіях, выбары прызнаць цяжка. Але гэтая кампанія зусім сумная: «ні рыба, ні мяса». Такое стаўленне відаць і ва ўладзе, і ў грамадстве, і ў апазіцыі.

– Чым сёлетнія кандыдаты адрозніваюцца ад папярэдніх?

– Ад прэзідэнт шмат залежыць. Што будзе з краінаю. А ні адзін з кандыдатаў яшчэ не сказаў (а ім і не далі такой магчымасці, напрыклад, на тэлебачанні), што за праграма, куды пойдзе краіна, якія будуць перамены. Лукашэнка залаволены, што сістэма пад поўным кантролем. Але ці гэта дае яму самому перспектыву? Бо ён не ведае, што рабіць з краінаю. Ён не мае адказу, таму ён і не будзе браць удзел у дэбатах. Проста, калі няма іншага, то будзе гэты. А гэта не адказ на пытанне ў палітычнай барацьбе падчас прэзідэнцкіх выбараў. І ён разумее, што цяпер вельмі вялікія праблемы ў эканоміцы. І ён не ведае, як іх вырашаць, таму што поле зачышчанае. Проста выпаленае гэтае поле – палітычнае, грамадскае. Што далей? Адказу няма.

– За каго вы будзеце галасаваць?

– Я адразу скажу, «Рух За Свабоду» прыняў рашэнне і маё – такое самае: мы ігнаруем гэтыя выбары. Таму што не хочам у такім фарсе браць удзел. Я лічу, што гэта слушна. Проста трэба мець годнасць! Шчыра кажучы, мне не вельмі хочацца нават каментаваць канкрэтныя персоны, бо яны аніякай ролі ў нашай палітыцы не адыгрываюць. Гэта пэўныя фігуры, якія штосьці гавораць, але нікому гэта не цікава, на іх забываюцца на наступны дзень пасля выбараў. Таму гэта не палітыка і яны – не палітыкі. Гэта проста спектакль. Раней гэта была імітацыя, а цяпер – фарс. Гэта самае страшнае, што робіцца з намі ўсімі. Думаю, гэткае «замарожванне сітуацыі» адгукнецца бліжэйшым часам. Я не нагнятаю, я хачу, каб усе адчувалі: трэба браць на сябе адказнасць і змяняць шмат. Патрэбныя перамены. Як яны зробяцца? Лепш эвалюцыйным шляхам, чымся рэвалюцыйным. Ці ў стане ўлада гэта зрабіць? Я не ведаю адказу. Лепш, каб улада пачала, але трэба змяняць сістэму.

Добра, калі ўдзельнічаюць такія людзі, як Таццяна Караткевіч. Яна сімпатычны чалавек, разумны чалавек, я яе ведаю. Іншая справа, ці яна ідзе па дамоўленасці з уладаю. І гэтыя таемныя дамоўленасці, у чым падазрэнні ёсць. А калі яна вольна ідзе і сама па сабе – гэта іншае.

Я не супраць таго, каб была апазіцыйная меншасць са згоды ўлады ў парламенце, але яна мусіць выйграць рэальныя выбары. Рэальна сабраць подпісы, рэальна набраць галасы. Тады яна можа казаць там тое, што хоча, а не тое, што трэба, бо мы дамовіліся. У гэтым небяспека і легітымізацыя ўлады, а не тое, ці мы ўдзельнічаем, ці не.

– Чаго чакаць пасля 11 кастрычніка?

– Заўсёды трэба думаць, што будзе на наступны дзень пасля выбараў. Апазіцыя пра гэта павінна думаць, ці будзе лепшае, больш дынамічнае грамадства, боль смелае ці наадварот – дэпрэсіўнае. Улада таксама мае задумацца. Самае кепскае, калі на наступны дзень пасля выбараў не будзе адказу ні на адно пытанне. Гэта ёсць праблема.

Я прытрымліваюся думкі, што калі мы не можам кантраляваць вуліцу, калі мы не можам забяспечыць там адсутнасць правакацыяў (а яны былі, напрыклад, у 2010 годзе), то лепш не выводзіць людзей. Таму што вельмі важна не толькі паклікаць людзей, я паклікаў у 2006 годзе, важна нейтралізаваць правакацыі. А калі не можаш гэтага зрабіць і правакацыі могуць быць выкарыстаныя супраць краіны, у гэтым выпадку лепей не клікаць людзей. Трэба несці адказнасць за людзей і за лёс краіны.

– Ці ёсць у Беларусі свой лідар?

– Я думаю, нашая будучыня залежыць не ад таго, ці з’явіцца лідар – прыгожы, на белым кані ды з шабляю і павядзе наперад. Яно залежыць ад стану грамадства. Грамадства сёння больш дасведчанае, больш разумнае і менш хоча вяртацца ў Савецкі саюз – гэта ўжо добра. Быў час, калі палова хацела ў Еўропу – таксама выдатна. Я лічу, што вельмі важна шырока працаваць з людзьмі. Гэта старая фраза. Некаторыя кажуць: гаворыце, а мала што зрабілі. Іншага не будзе. Толькі калі грамадства паверыць у сябе. Параўнае наш лёс і нашую працу з суседнімі краінамі. Толькі тады грамадству будзе патрэбная сурёзная апазіцыя, кансалідаваная апазіцыя, адказная апазіцыя. Тады ёсць шанец. А не проста апазіцыя сказала – і ўсе пабеглі за імі. Так не робіцца. Усе перамены адбываюцца ў самім грамадстве. Яны ідуць, але даволі павольна. Важна, каб перамены не адбыліся на фоне вялікіх эканамічных крызісаў – тады папулісты могуць перамагчы. Таму трэба працаваць з грамадствам: больш інфармацыі, больш веры. Трэба каб людзі ведалі больш пра тое, як адбываліся перамены ў суседніх краінах. Мы не горшыя за іншых і мы мусім гэта зрабіць. І зробім абавязкова. Я думаю, што будзе ў нас яшчэ раз перабудова, у добрым сэнсе. Перабудова, якая дае вынік і якая дае веру ў тое, што мы не горшыя за іншых. Мы – Еўрапейцы.

МЛ, belsat.eu

ГЛЯДЗЕЦЬ ТАКСАМА
КАМЕНТАРЫ