Выбары ў Беларусі 2015

Выбарчая праграма 1994 Зянон Пазняк


I. Якую «спадчыну» атрымае З.Пазняк ад урада В.Кебіча? Урад Кебіча атрымаў ад Вярхоўнага Саветe ўсе неабходныя паўнамоцтвы для ажыццяўлення рынкавых рэформ, стабілізацыі ды росту эканомікі краіны. Прайшло чатыры гады. За гэты час: – вытворчасць знізілася больш чым на 50%; – інфляцыя перавысіла 50% у месяц; – вонкавая запазычанасць вырасла да паўтара мільярда долараў і штогод павялічваецца яшчэ на мільярд; – цэны на асноўныя спажывецкія тавары выраслі ў 3000 разоў; – за мяжой жабрацтва апынуліся 7 з 10 жыхароў Беларусі. Згублена самае каштоўнае – час. 1991–1992 гады былі найбольш спрыяльнымі для рэфармавання нацыянальнай эканомікі. Тады было магчыма правесці глыбокую структурную перабудову эканомікі нашай краіны са значна меншымі стратамі, стварыць новыя працоўныя месцы, вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю і забяспечыць высокі дабрабыт насельніцтва Беларусі. Урад не толькі не пачаў рэфармавання эканомікі ў гэтым кірунку, але ён нават не мае дакладнага ўяўлення, як гэта рабіць. II. Прычыны крызісу эканомікі 1. Свядомае нежаданне ўраду праводзіць незалежную эканамічную палітыку, адсутнасць у большасці Вярхоўнага Савету палітычнай волі, каб вызначыць кірунак развіцця краіны. 2. Парушэнне базавых эканамічных дачыненняў уласнасці. Эканоміка заставалася нярынкавай, а ў яе спрабавалі ўвесці рынкавыя механізмы і паказнікі. Гэта прывяло да страты кіравальнасці ды анархіі ў вытворчасці, да парушэння адносінаў меры працы і спажывання, вынікам чаго сталі спекуляцыя, спад вытворчасці, інфляцыя. 3. Паслядоўнае разбурэнне грашовай і крэдытна–фінансавай сістэмы. 4. Знешнеэканамічная палітыка, накіраваная супраць уласнага (унутранага) вытворцы, асабліва супраць нашых сялянаў. 5. Захаванне татальнай дзяржаўнай уласнасці як у прамысловасці, так і фактычна ў сельскай гаспадарцы. 6. Адсутнасць мэтаў і праграмы пераводу народнай гаспадаркі на іншыя прынцыпы, на іншы спосаб вытворчасці, заснаваны на свабоднай рынкавай эканоміцы. III. Чаму Беларусі патрэбны рынак? Як сведчыць вопыт развіцця ўсіх перадавых краін свету, няма іншых тэхналогій у эканоміцы, іншых механізмаў, акрамя рынку, каб дакладна інфармаваць, ці патрэбна камусьці вырабленая прадукцыя, і аб’ектыўна інфармаваць пра эфектыўнасць працы прадпрыемстваў. IV. Галоўныя прынцыпы рэформы – Канстытуцыйнасць. У адпаведнасці з артыкулам 1 Канстытуцыі «... Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і вонкавую палітыку. – Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак». – Рэфармаванне беларускай эканомікі будзе адпавядаць патрабаванням Канстытуцыі і жыццёвым інтарэсам нашага народа. – Для гэтага неабходна прысутнасць усіх чыннікаў, што вызначаюць дзяржаўнасць Рэспублікі Беларусь: мяжы, мытні, сваёй валюты і банкаўскай сістэмы з цэнтральным эмісійным банкам, магчымасці абараняць дзяржаўны суверэнітэт (нацыянальнага войска). – Непарушнасць прынцыпаў недатыкальнасці ўласнасці і захавання права ўласнасці. Кожны павінен быць упэўнены, што сумленна набытае ніхто і ніколі ў яго не адбярэ. – Раздзяленне для дзяржаўнага сектара функцый улады і ўласнасці (уладныя функцыі перадаюцца акцыянерным холдынгавым кампаніям і канцэрнам, а маёмасныя – Міністэрству па кіраванню дзяржаўнай маёмасцю: уласнасць на зямлю вызначаецца ў адпаведнасці з законам аб зямлі). – Заканадаўчае фармаванне рынкавых дачыненняў пры роўнасці ўсіх формаў уласнасці, якімі забяспечваюцца: а) свабода эканамічнай і гаспадарчай дзейнасці фізічным і гаспадарчым асобам; б) свабода спажывання суб’ектам на рынку; в) стварэнне ўмоў для забеспячэння канкурэнцыі. – Стварэнне прыватнага (недзяржаўнага) сектара эканомікі Беларусі шляхам правядзення раздзяржаўлення і прыватызацыі, дзяржаўная палітыка падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасці. – Прыняцце ўзроўню ваенных выдаткаў не больш чым за 6 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту. – Дзяржаўная палітыка рэструктурызацыі эканомікі краіны і выбарачнай падтрымкі асобных прадпрыемстваў і галін вытворчасці, якія маюць рэальныя шанцы выхаду на сусветны рынак з канкурэнтаздольнай прадукцыяй. – Правядзенне валютная рэформы і заканадаўчае замацаванне грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь у якасці адзінага плацёжнага сродку. – Фармаванне падатковай сістэмы, накіраванай на падтрымку вытворчасці, правядзенне актыўнай інвестыцыйнай палітыкі і павелічэнне амартызацыйных адлічэнняў. – Актыўная і адрасная сацыяльная палітыка, накіраваная на падтрымку неабароненых слаёў насельніцтва за кошт сродкаў дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў. – Гарантаванае пагашэнне запазычанасці дзяржавы перад грамадзянамі за кошт сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, а таксама за кошт нерухомасці. Ажыццяўленне новай бюджэтнай палітыкі, у аснове якой: а) фармаванне бюджэту знізу, з узроўню мясцовага самакіравання, б) атрыманне даходаў ад дзяржаўнай уласнасці, в) адмова ад датацыяў вытворцам пры адначасовай падтрымцы малазабяспечаных грамадзянаў, г) скарачэнне выдаткаў на ўтрыманне дзяржаўнага апарату, д) выдзяленне дастатковых сродкаў для забеспячэння правапарадку, абароны жыцця і здароўя грамадзянаў, гарантыі права ўласнасці і абароны самой уласнасці фізічных і юрыдычных асоб, ж) фінансаванне адраджэння культуры, развіцця навукі, адукацыі, аховы здароўя, з) фінансаванне праграм ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы і стварэння сістэмы экалагічнай бяспекі. V. Унутраная эканамічная палітыка Унутраная эканамічная палітыка будзе ствараць умовы для стабілізацыі эканомікі і дасягнення дабрабыту грамадства. Сродак дасягнення гэтых мэт – пераход эканомікі Беларусі да рынкавых дачыненняў. Асаблівая ўвага будзе накіравана на развіццё недзяржаўнага сектара эканомікі, на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу. Адбудзецца хуткі пераход на свабодную куплю і продаж усіх тавараў і рэсурсаў. Гэта – ключавая ўмова правядзення рэформ, якая забяспечвае эканамічны парадак і дае вытворцам сапраўдныя веды аб патрэбах грамадства ў канкрэтных таварах, рэсурсах і працоўнай сіле. Без пераходу да поўнай самастойнасці прадпрыемстваў у гаспадарчай дзейнасці на аснове атрымання максімальнай выгады ўсе астатнія пытанні – сацыяльная абарона, прыватызацыя, харчовыя пытанні, канверсія і інш. – не могуць быць вырашаны. Свабодны гандаль будуецца на гандлёвых здзелках, і інструментам яго абслугоўвання з’яўляюцца грошы. Таму будзе прынята грашова–крэдытная палітыка, якая разам з іншымі мерамі панізіць узровень інфляцыі да 2–3 працэнтаў у месяц. Дзеля гэтага будзе праведзена грашовая рэформа, якая ўключае стварэнне мытнай тэрыторыі, набыццё валютных рэзерваў, падрыхтоўку адпаведнай фінансавай інфраструктуры, вырашэнне тэхнічных пытанняў эмісіі наяўных грошай, падрыхтоўку нарматыўнай базы. На першым этапе статус нацыянальнай валюты будзе нададзены разліковым білетам Нацыянальнага банку. Галоўным сродкам забеспячэння «здаровых» грошай будзе перавод усіх прадпрыемстваў, незалежна ад формаў уласнасці, на камерцыйныя прынцыпы дзейнасці. Таксама ўводзіцца ў дзеянне закон аб банкруцтве з усімі патрэбнымі механізмамі яго рэалізацыі. Іншыя неабходныя захады: – Заканадаўчае афармленне дзяржаўнага доўгу, працэдур яго фармавання і крыніц пагашэння. Рэалізацыя механізмаў эмісіі і размяшчэння дзяржаўных і муніцыпальных каштоўных папер, у тым ліку і кароткатэрміновых. – Аднясенне на дзяржаўны доўг кампенсацый укладаў насельніцтва, жыллёва-будаўнічых кааператываў, часткова пенсійнага фонду. – Ажыццяўленне новай палітыкі заработнай платы і даходаў для работнікаў дзяржаўнага сектара эканомікі і бюджэтных устаноў, у аснове якой – прынцып роўнай аплаты працы пры аднолькавай кваліфікацыі, якасці і інтэнсіўнасці. – Антыманапольная палітыка і кантроль дзяржавы за ўмовамі, якія забяспечваюць канкурэнцыю вытворцаў. – Жыллёвая палітыка, арыентаваная пераважна на будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў з выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў дзеля стварэння інжынернай інфраструктуры ў раёнах будаўніцтва і сродкаў грамадзянаў для будаўніцтва дамоў. Для забеспячэння фінансавых магчымасцяў такога будаўніцтва ўсім жадаючым ствараюцца іпатэчныя фінансавыя інстытуты. Падрыхтоўка і ажыццяўленне дзяржаўнай энергетычнай праграмы, накіраванай на ўзнаўленне і развіццё ўласных генерыруючых магутнасцяў. Прыняцце тарыфнай палітыкі, якая будзе змушаць да энергазберажэння, а таксама дзяржаўных стандартаў, якія вызначаюць абавязковыя ўмовы рэсурсазберажэння. – Правядзенне дзейснай дэмаграфічнай палітыкі, падтрымка жанчын, дзяцей, маладых сем’яў. – Эфектыўная міграцыйная палітыка ў інтарэсах нашай дзяржавы. Беларусь мае сур’ёзныя сыравінныя рэсурсы і карысныя выкапні. Таму будзе падрыхтавана дзяржаўная праграма развіцця чорнай, каляровай і рэдказямельнай металургіі, дадатковага разведвання тэрыторыі Беларусі на энерганосьбіты. Да прапанаваных тэхналогій павінны прад’яўляцца жорсткія экалагічныя патрабаванні. Будзе заключаны шэраг дагавораў аб канцэсіях здабычы сыравіны і энерганосьбітаў на тэрыторыі іншых дзяржаў. VI. Зямельная рэформа Зямля – галоўны, стратэгічны рэсурс любой дзяржавы. Зямля – прастора стваральнай дзейнасці чалавека, асяроддзе, у якім ён жыве, сродак вытворчасці ў сельскагаспадарчай дзейнасці. Рэспубліка Беларусь – буйная дзяржава ў цэнтры Еўропы з умераным кліматам – валодае вялікім патэнцыялам гэтага рэсурсу. Стаўленне да зямлі, распараджэнне зямлёй павінна быць ашчаднае, навукова абгрунтаванае, эканамічна эфектыўнае. Асаблівы сэнс набывае зямельная палітыка цяпер, калі наша грамадства павінна перайсці ў новую якасць – грамадства рынкавай эканомікі, калі рэзка зніжаецца роля дзяржавы, калі некампетэнтнымі палітыкамі можа быць справакаваны абвальны, навукова і метадычна не падрыхтаваны працэс прыватызацыі зямлі. (Дарэчы, менавіта такую прыватызацыю пад прыкрыццём тэрміна «калектыўная ўласнасць» апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ўдалося перадухіліць у 1992 г.) Неабходна разумная, навукова абгрунтаваная, жорсткая дзяржаўная палітыка. У структуры ўрада павінен быць камітэт, а на перыяд рэформ – міністэрства па зямельных рэсурсах. Mы – зa прыватную ўласнасць на зямлю, за роўныя правы ўсіх грамадзянаў на прыватызацыю зямлі, але ж мы супраць таго, каб зямля зрабілася аб’ектам спекуляцыі ці апірышчам манапольнай карумпаванай улады наменклатуры (чыноўнікаў). Неабходна новае зямельнае заканадаўства. Зямля павінна стаць таварам, але таварам своеасаблівым. Галоўнай умовай для эканамічна эфектыўнага землекарыстання і сацыяльна справядлівай прыватызацыі зямлі з’яўляецца наяўнасць дакладнага дзяржаўнага зямельнага кадастру, інакш адбудзецца не прыватызацыя, а прыхватызацыя. Для вядзення дзяржаўнага зямельнага кадастру неабходна стварыць дзяржаўную службу, якая, не ўціскаючы правы мясцовай улады, забяспечыць агульнадзяржаўныя інтарэсы. Мясцовая ўлада павінна мець уласныя фінансавыя магчымасці на здзяйсненне сацыяльных праграм. Гэтыя сродкі дасць падатак на зямлю – галоўная крыніца фармавання бюджэту на сяле. Калгасы, саўгасы і іншыя землекарыстальнікі павінны не падмяняць мясцовую ўладу, а займацца гаспадарчай дзейнасцю, плацячы пры гэтым, як усе землекарыстальнікі, эканамічна абгрунтаваны роўны для ўсіх падатак на зямлю. Катэгарычна недапушчальная практыка набыцця права ўласнасці на зямлю праз аб’екты нерухомасці. Сёння, прыватызуючы трухлявы дом, можна аўтаматычна прыватызаваць участак зямлі нават у межах гораду. Гэтая практыка будзе спынена. Прапануючы аб’яднанне грашовых сістэм з Расеяй, некаторыя палітыкі не ўсведамляюць наступствы такога кроку. Аб’яднанне з дзяржавай, дзе ўжо створаны рынкавыя структуры, іпатэчныя банкі, дзе ёсць вопыт прыватызацыі, у тым ліку зямлі, вядзе да сітуацыі, калі беларускі селянін альбо прадпрымальнік (якім нашы заканадаўцы не дазволілі стаць уласнікамі зямлі) можа застацца без зямлі на сваёй Бацькаўшчыне. Прыватызацыя зямлі – не самамэта, а сродак павышэння эфектыўнасці гаспадарання, гэта гарантыя стварэння сеткі дробных прадпрыемстваў перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, а значыць – яе захавання і падвышэння экспартнага патэнцыялу дзяржавы, гэта галоўная гарантыя любых капіталаўкладанняў (інвестыцыяў), а значыць – найпершая ўмова ажыўлення інвестыцыйнай дзейнасці і ўсёй эканомікі. Рынак зямлі, які функцыянуе праз сістэму іпатэчных банкаў і права на заклад зямлі, безэмісійная крэдытная палітыка – рэальны шлях выхаду з крызісу, шлях, які прайшлі ўсе развітыя дзяржавы. Беларусь вельмі багатая на зямельныя рэсурсы. Трэба толькі мудра імі распарадзіцца. VII. Аграрная палітыка Галоўная мэта аграрнай палітыкі – дабрабыт селяніна і эфектыўнасць ягонай працы. Трэба вярнуць зямлі гаспадара, а грамадству – селяніна. У выніку вытворца атрымае свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці, свабоду выбару – што і дзе вырабляць – без усялякага ўмяшальніцтва з боку дзяржавы. Усе формы арганізацыі вытворчасці – дзяржаўная, калектыўная і індывідуальная – будуць мець роўныя магчымасці. Калгасы, дзяржгасы і фермеры атрымаюць права самі вызначаць цэны на ўласную прадукцыю. Іх будзе рэгуляваць толькі рынак. Кожны вытворца зробіцца гаспадаром уласнай прадукцыі і зможа прадаваць яе без усялякіх абмежаванняў з боку дзяржавы туды, дзе будзе наібольшая выгада. Будзе адменена заганная практыка прымусовага спагнання прадукцыі пад выглядам кантрактаў па нізкіх коштах. Набыццё зямлі на льготных умовах у прыватную ўласнасць з правам перадачы ў спадчыну і продажу (акрамя як на мэты сельскагаспадарчай вытворчасці) – эканамічны абсурд. Ільготы магчымыя толькі для выдзялення зямельных участкаў сацыяльна малазабяспечаным слаям насельніцтва ў часовае (бестэрміновае) карыстанне ў акрэсленых законам межах. Што датычыць. З земляў сельскагаспадарчага прызначэння, то мы – прыхільнікі бясплатнай прыватызацыі зямлі для тых грамадзянаў і іх аб’яднанняў, якія жадаюць на зямлі працаваць, але толькі ў межах агульнарэспубліканскай нормы, пры ўмове, што бязвыплатна будзе прыватызавана не больш чым 30% усяго фонду земляў гэтай катэгорыі. Наступнае павелічэнне сельскагаспадарчых надзелаў – за кошт арэнды ў дзяржавы з правам далейшага выкупу на роўных мовах для ўсіх суб’ектаў гаспадарання незалежна ад формаў уласнасці. Наша краіна ўжо спазняецца ў барацьбе за рынкі збыту сельскагаспадарчай прадукцыі. Калі ў бліжэйшыя гады мы не створым эфектыўную канкурэнтаздольную сельскагаспадарчую вытворчасць, мы можам страціць нават свой унутраны рынак з-за высокага сабекошту прадукцыі нашых вытворцаў. Цяперашнія гаспадаркі атрымаюць магчымасць трансфармавацца ў рынкавыя структуры, добраахвотныя аб’яднанні ўласнікаў у формах таварыстваў, акцыянерных таварыстваў, саюзаў, асацыяцый і інш. Атрымаюць роўныя ўмовы для развіцця розныя формы арганізацыі вытворчасці – як калектыўныя, так і індывідуальныя. Будуць дзейнічаць дзяржаўныя праграмы фінансавання тэхналагічнай рэканструкцыі, раўнамернага развіцця ўсіх сфер аграпрамысловай вытворчасці. У найкарацейшыя тэрміны будзе арганізавана сетка сельскіх іпатэчных банкаў, якія будуць крэдытаваць сельскагаспадарчую вытворчасць, будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнага прызначэння пад заклад маёмасці. Асаблівая ўвага будзе нададзена перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. У першую чаргу будуць прыватызаваныя і акцыянаваныя ўсе дзяржаўныя мясакамбінаты, малакаперапрацоўчыя, цукровыя заводы, садова-агароднінныя прадпрыемствы. Сваю долю акцый у іх атрымаюць усе гаспадаркі. Будуць выдзелены льготныя крэдыты для набыцця абсталявання і будаўніцтва невялікі перапрацоўчых прадпрыемстваў. У мэтах больш эфектыўнага выкарыстання і надзейнага тэхнічнага забеспячэння ўсіх вытворцаў будзе прыватызавана ўся сельскагаспадарчая тэхніка. На базе цяперашніх цэхаў механізацыі гаспадарак будуць створаны сэрвісныя арганізацыі (станцыі), якія за аплату будуць абслугоўваць дзяржаўныя, калектыўныя, фермерскія гаспадаркі і прысядзібныя ўчасткі. VIII. Знешнеэканамічная палітыка Знешнеэканамічная палітыка накіроўваецца на стварэнне партнёрскіх дачыненняў перш-наперш з суседнімі краінамі Беларусь імкнецца да заключэння з імі пагадненняў аб свабодным гандлі, аб мытных і валютных саюзах, аб стварэнні ўмоў дзеля ўзаемнай свабоды эканамічнай дзейнасці гаспадарчым суб’ектам, аб рэжыме найбольшага спрыяння ў гандлі, аб забеспячэнні гарантый права ўласнасці і абароны ўласнасці грамадзянаў і суб’ектаў гаспадарання, на сваіх тэрыторыях, да стварэння ў перспектыве агульнага рынку. Ліквідуецца манапалізм у кірунках вонкавага гандлю, пашыраецца кола пастаўшчыкоў і пакупнікоў, што асабліва датычыцца энерганосьбітаў. Прымаецца новая мытная палітыка, якая стымулюе экспарт тавараў, і новая ліцэнзійная палітыка, якая рэгламентуе імпарт. Ствараецца адзіная свабодная эканамічная і афшорная зона на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, што зробіць яе прывабнай для эканамічнай дзейнасці, павялічыць колькасць рабочых месцаў і даходную частку дзяржаўнага бюджэту. На ўсёй тэрыторыі Беларусі ствараецца свабодная банкаўская зона на аснове банкаўскага заканадаўства Швейцарскай канфедэрацыі, што зробіць нашу краіну прывабнай для замежных банкаў і інвестыцыйных кампаній. Ствараецца сістэма міжнародных біржаў: фондавай, энерганосьбітаў, металаў, збожжавай і інш.